
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.
У 2025 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства будзе Ліда. Святочныя мерапрыемствы адбудуцца 6 – 7 верасня. У гэтым старажытным горадзе захаваўся сярэдневяковы замак – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV ст. Ураджэнцамі Лідскага краю з'яўляюцца яркія асобы беларускай культуры, сярод якіх паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, пісьменнік Віктар Праўдзін і многія іншыя.
Сваё імя ў гісторыю горада і ўсёй краіны назаўсёды ўпісаў Валянцін Таўлай – таленавіты паэт і літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, разведчык, рэзідэнт партызанскага штаба на службе ў нямецкіх акупацыйных улад і кіраўнік антыфашысцкай агентурнай сеткі на захопленых ворагам тэрыторыях. Сёння ў горадзе працуе Дом Валянціна Таўлая – філіял Лідскага дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея, а ў Дзень беларускага пісьменства будзе адкрыты помнік майстру слова і сапраўднаму патрыёту.